Опубликовано: 19 апреля 2021
“Святлом і сілай Ісуса Хрыста у гэтым свеце мы можам жыць, дзейнічаць, пакутаваць і паміраць, як належыць сапраўднаму чалавеку. Мы можам цалкам прысвяціць сябе служэнню бліжнім, бо аб нас клапоціцца Сам Бог”. (Ганс Кюнг)
6 красавіка на 94-м годзе жыцця спачыў вядомы каталіцкі тэолаг Ганс Кюнг.
Ён звыш 35 гадоў выкладаў у Цюбінгенскім універсітэце. Напісаў дзесяткі кніг і сотні артыкулаў (на постсавецкай прасторы выдаваліся яго кнігі “Быць хрысціянінам”, “У што я веру”, “Царква”, “Хрысціянскі выклік”, “Вечнае жыццё?” і інш.). Быў гарачым прыхільнікам міжхрысціянскага і міжрэлігійнага дыялогу, а таксама дыялогу паміж носьбітамі рэлігійных і нерэлігійных поглядаў. Лаўрэат міжнароднай прэміі “За мір і правы чалавека” (2006).
Спрэчкі вакол тэалогіі Кюнга ішлі на працягу ўсяго яго доўгага жыцця. Ён лічыў хрысціянства выклікам свету і сам быў чалавекам-выклікам, найперш для рэлігійных фундаменталістаў: падтрымліваў тэорыю эвалюцыі, выступаў за жаночае святарства. Зыходзячы са слоў апостала Пятра: “вы — род выбраны, царскае свяшчэнства, народ святы” (1 Пят. 2:9), Кюнг крытыкаваў “прыватызацыю” Царквы клірам і бачыў адной з важных царкоўных задач вяртанне голасу міранам, прызнанне іх актыўнасці. Нягледзячы на нейкі канфлікт з рыма-каталіцкай Царквой у пытанні дагмата аб беспамылковасці Папы, вынікам чаго стала забарона на выкладанне ў якасці каталіцкага багаслова, Кюнг застаўся ў Цюбінгенскім універсітэце як незалежны прафесар экуменічнай тэалогіі. Каталіцкім святаром ён быў да канца сваіх дзён. А ў 2005 годзе адбылася сустрэча Кюнга з Папам Бенэдыктам XVI — даўнія калегі і пасля шматгадовыя апаненты, яны па-сяброўску падыскутавалі за абедам і тым зацвердзілі сваё асабістае прымірэнне, адначасова канстатаваўшы прынцыповыя разыходжанні пазіцый.
“Ліберал” і “мадэрніст” ад тэалогіі паводле традыцыйных вызначэнняў, Ганс Кюнг шмат чаго ставіў пад сумнеў, але на пытанне, быць ці не быць хрысціянінам, заўсёды рашуча адказваў: быць. Хрысціянства было для яго надзеяй чалавецтва, крыніцай сапраўднай роўнасці, справядлівасці, свабоды.